Беларуская Служба

У Расію прыйшлі новыя змрочныя часы

05.02.2024 15:30
Чынавенства спаборнічае па ўзроўні рэпрэсіўнасці ды дурасці, а грамадства - паслухмянасці ды нагавораў.
Аўдыё
  • Эксперт прагназуе змены да горшага ў расійскім грамадстве
Ілюстрацыйны здымакEPA/ANATOLY MALTSEV Dostawca: PAP/EPA.

У Расіі набіраюць абароты працэсы палітычнай ды сацыяльнай дэградацыі. Чыноўнікі ды звычайныя грамадзяне спаборнічаюць у выкрыцці «чужых» для Расіі каштоўнасцяў ды абароне ўласцівых для «рускай цывілізацыі». Пра тое як далёка можа зайсці гэты працэс, мы паразмаўлялі з экспертам.

З пачатку новага года ў Расіі прынята шэраг рэпрэсіўных законаў пра забарону руху ЛГБТ, канфіскацыю маёмасці тых, хто дыскрэдытуе армію Расіі, уведзены спіс правільнай літаратуры, вядзецца пераслед музыкаў ды артыстаў. У краіне пачалося сапраўднае «паляванне на чараўніц», то бок палітычных ды ідэйных апанентаў цяперашняга крамлёўскага рэжыму. У гэтую гонку ахвотна далучаюцца палітыкі, чыноўнікі ды звычайныя грамадзяне па ўсё краіне. Расіяне пачалі вырашаць свае праблемы са знаёмым, суседзямі, калегамі пры дапамозе даносаў пра «крытыку СВА».

Так сталася з 67-гадовай лекаркай у Маскве, якой паліцыянты разграмілі кватэру і завялі крымінальную справу пасля скаргі ўдава вайскоўца, які загінуў ва Украіне. Тая абвінаваціла медыка ў распаўсюджванні «фэйкаў» аб расійскім войску падчас прыёму.

Расійскія чыноўнікі выступаюць з усё новымі ініцыятывамі, якія незалежныя журналісты ўжо назвалі «рэйтынгам дурасці». Вось некалькі прыкладаў з апошніх тыдняў: мэры Невінамыска запатрабаваў, каб жыхары гораду штодня займаліся сексам, бо ў Расіі ёсць толькі адна формула кахання: «мужык абавязаны араць, жанчына – нараджаць, інакш ператворымся ва ўсякія засцаныя Марсэлі»; губернатар Санкт-Пецярбурга Бяглоў заявіў, што Расія напала на Украіну, каб прадухіліць з’яўленне гендэрна нейтральных туалетаў, пры гэтым у самой Расіі чвэрць насельніцтва жыве без прыбіральні ў хаце; Патрыярх Кірыл выступіў з заклікам забараніць Дзень Святога Валянціна, бо гэта «прапаганда ЛГБТ, вакханалія, прынесеная з-за мяжы, якая не мае нічога агульнага з сапраўдным каханнем». 

Што гэта кажа пра стан расійскага грамадства, і як далёка дадзены працэс можа зайсці. Пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

- Цемрашальства заўсёды было ў Расіі, гэта так званы глыбінны народ, пра які пісаў былы дарадца Пуціна Суркоў. Гэты народ заўсёды быў прыгонным ды абмежаванным, калі глядзець на разуменне свету ды ўнутраных працэсаў. Ліберальныя эліты Пецярбурга і Масквы далёкія ад сапраўднага расійскага народу. Фактычна глыбінны народ заўсёды быў агрэсіўны ды чакаў цара, які не іх жыццё палепшыць, але зробіць горшым жыццё іншых. Гэта ментальнасць людзей, якія імкнуліся не ствараць, а разбураць. Гэтую дзікасць мы пабачылі ва Украіне, калі расіяне рабавалі дамы, крадучы ўсё ад унітазаў да элементарных бытавых прылад.

Як далёка зойдуць гэтыя працэсы, некаторыя, як думскі дэпутат Гурулёў, патрабуюць аднавіць ГУЛАГ, каб знішчаць нязгодных з Пуціным. У расійскіх ВНУ галоўнай каштоўнасцю цывілізацыі краіны называюць яе рускасць і супрацьстаянне з усім светам?

- Гэтыя заявы зусім не надзвычайныя. Гэта цяпер парадыгма расійскай рыторыкі. Апаненты ўлады ў Расіі гінулі яшчэ ў 1990-ыя гады. Тады гэта былі выключэнні, цяпер гэта сістэма. Паўтараецца тое, што было ў савецкія часы. Расія вяртаецца ў свой натуральны стан прыгоннага права, законаў Арды і таталітарнай сістэмы. Нават на мясцовым узроўні мы бачым шматлікія праявы дзікасці, да гэтага дадаліся яшчэ экстрасэнсы, знахары ды калдуны, якія нібы ў Сярэднявеччы прамываюць людзям мазгі, робячы з расійскага грамадства здурнелую масу, якая глядзіць на ўвесь іншы свет, як на нешта варожае.

Ці Еўропе трэба баяцца гэтых новых варвараў, якія жывуць у Расіі?

- Еўропа павінна зразумець, што на Расію трэба глядзець не праз прызму высокай культуры ды асобных людзей, але праз прызму рэжыму, якія там пануе. Гэты рэжым ёсць сур’ёзнай пагрозай бяспекі не толькі для Еўропы, але для ўсёй Заходняй цывілізацыі. На жаль гэтага разумення не хапае. Сённяшняя Расія накіраваная на татальнае вынішчэнне ўсяго, што называецца гуманізмам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі